ПАРК МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ,

участак прыроднага ці культ. ландшафту, які абрамляе гіст. помнік ці арганізаваны на месцы гіст. падзеі. Ствараецца ў гонар выдатных дзеячаў навукі і культуры, нац. герояў (напр., парк імя Я.​Купалы ў Мінску); прысвячаецца значным гіст. падзеям: вызваленню, перамозе, юбілею і інш. (паркі Перамогі ў Мінску, С.-Пецярбургу, Трэптаў-парк у Берліне, парк Міру ў г. Нагасакі, Японія і інш.). У П.м. змешанага тыпу (гіст., мемарыяльна-этнагр., парк з музеямі і экспазіцыямі на адкрытым паветры) размяшчаюцца мемарыялы і збудаванні, якія па часе могуць адносіцца да розных гіст. падзей. Пры стварэнні П.м. выкарыстоўваюць сродкі і метады ландшафтнай архітэктуры.

Т.​П.​Вадап’янава.

Да арт. Парк мемарыяльны. Фрагмент парку імя Я.​Купалы ў Мінску.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)